Вечар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
4 из 15
За дзень ён апалераваў некалькi разоў увесь горад, зарабiўшы на гэтай справе рознымi хiтрасцямi i штукамi чатыры капейкi, а гэта шмыгануў скоранька з сваiх цёмных сяней i падбег па мокрай зямлi да сталяровых дзвярэй.
- Плача, лiха ёй, - рашуча сказаў ён, хiтра падмаргнуўшы гнiлому слупу, што падпiраў сталярову сцяну.
I тут жа, адскочыўшы на сярэдзiну двара, ён задзёр голаў угору i закрычаў, наколькi хапала дзiцячых сiл:
- Тараны смажаныя, па капейцы штука.
I раптам драпануў назад у цёмныя сенi i ўжо адтуль, з неабдымнай радасцю свайго маладога жыцця глядзеў на сярэдзiну двара. Хутка з свае кватэры выбегла сталярыха i, забыўшы свае глыбокiя трагiзмы, памчала сваё дзябёлае цела ў вароты. На вулiцы было пуста, толькi барабаншчык вайсковага аркестра плiшчыў некуды на жываце барабан. З вялiкiм расчараваннем, агледзеўшы пустую вулiцу, сталярыха паволi ўжо пайшла назад. На момант яна стала процi акна Вiктара Зенiча, каб запытаць у яго:
- Не чулi? Здаецца, смажаныя тараны прадавалi. Хацела купiць - якраз нешта галава балiць.
- Не, не чуў, - з лёгкай усмешкай адказаў Вiктар Зенiч.
- Што гэта за кавалер, калi ён не чуў, як смажаныя тараны прадавалi, тонам мудрай настаўнiцы абазвалася сталярыха i, зноў гатовая заплакаць ад глыбокай крыўды, пайшла да сваiх дзвярэй; але заплакаць ёй ужо не ўдалося перад самымi дзвярыма спаткалася яна з газетчыкаваю дачкою, i пачалi яны гаварыць аб тым, якая фальбона харашэй у спаднiцы - шырокая цi вузкая...
Зусiм ужо лажыўся вечар.
II
Цiха было на зямлi. I можа ад таго i радасна, што было цiха, бо трэба было адпачываць усёю iстотаю.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|