Вечар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
5 из 15
Густы змрок ляжаў у пакоi, i ўжо неба праз акно здавалася зялёна-цёмным бяздоннем, а зямля не так звала ўжо ў свае нязмерныя абшары. Далёка на ёй ужо злiлiся цёмныя абрысы з небам. Зышоў дзень, i рос вечар.
У напружанай цiшы раптам пачала расцi вастрата пачуццяў i думак. Але думкi былi вельмi ўтомлены цяжкай работай за дзень, i не мяшалi яны яшчэ больш вырастаць пачуццям. Пачалi праходзiць ва ўсёй iстоце пражытыя днi. З'яўляўся ўвушшу гром горада i гаворкi людзей, то раптам тонкасцю выбухалi недзе з сэрца адносiны з людзьмi, а то ўсё калi-небудзь чуванае, бачанае, перажытае на момант знiкала i пасля зноў раптам з'яўлялася, як усё разам адно цэлае, скамбiнаванае ў нешта гарманiчнае i як бы вельмi патрэбнае для чалавека. I ўяўлялася, што гэта ўвесь свет вiдзён перад чалавекам, што адчуванне яго як бы сваволiць у душы, бо не гэтак трэба; а можа яно i iначай трэба, i каб стала iначай, то таксама не парушыла б гармонii душы, бо ў той дзень так здарылася, што не выплывала наверх у Вiктара Зенiча мяжа радасцi i смутку, а была ўвесь дзень цяжкая работа, што забрала пад сваю ўладу ўсе думкi, i цяпер быў адпачынак.
От так, сядзець i адчуваць.
Многа бачылася свету, а колькi яшчэ бачыцца будзе. Можа зямлi i мала за жыццё было пройдзена, ды многа было пройдзена чалавечых душ. А чалавек гэта ж свет, адна iстота - неабхватны прастор, i разглядай яго, калi ўмееш.
Бо быў дзень спакойны, дык такi вечар...
I раптам за сцяной, ужо за другою, не там, дзе плакала сталярова жонка, упала ўсё, i з'явiлася бяздонне.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|