Вечар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
6 из 15
Нешта пачало гаварыць аб нечым усяму свету, i на першых хвiлiнах не ўявiлася, аб чым гэта яно гаворыць. Яно раптам раскiдала ўжо цвёрда сфармаваны парадак настрояў i пачало iх збiраць нанава, ачышчаючы новыя глыбiнi i ўзнiмаючы новыя жаданнi i iмкненнi.
Мiльганула на момант думка, што гэта за сцяной грае сястра Баляслава Гельца, што кожны дзень з тоненькiм партфелем ходзiць некуды служыць. Завуць яе Антанiна; яна высокая, з белым тварам, заўсёды маўклiвая i адзiнокая. Жывуць яны ўтраiх - брат, яна i старая матка; жывуць з гэтага дома, дзе жыве ён - Вiктар Зенiч, ды яшчэ з таго, што брат недзе служыць. Некалькi разоў на дзень i вельмi доўга кожны вечар Антанiна грае на пiянiна нешта, чаму Вiктар Зенiч назвы не ведае i многа не разумее, але ёсць часткi, асобныя, гэтай музыкi, якiя як бы тое самае, што ў жыццi адчувалася i будзе адчувацца.
Яна вечна сумная, гэтая дзяўчына, увайшла ў сябе i ўжо, далёкая ад людзей, жыве толькi, мусiць, аднымi гэтымi зыкамi.
Вiктар Зенiч ведае з гаворак, што некалi гэтыя людзi жылi думкамi, цяпер засталiся ў iх, i вельмi ж у гэтай дзяўчыны, адны пачуццi такiя, якiя здольны лавiць у жыццi толькi журбу ды смутак. I апрача гэтага, у iх застаўся ад мiнулых часоў, з вялiкага багацця, вось адзiн толькi гэты дом, а ў яе пiянiна - асалода цёмных для яе дзён...
Музыка сцiхла, а пасля зноў з'явiлася. Яна выявiла скаргу чалавека, якi заставiў гэтыя зыкi бегчы ў свет. Скаргу на тое, што не бачыць ён у свеце таго, чаго бачаць у той жа час другiя, i што мiнулае не варочаецца. Жыць жа гэтым мiнулым, калi яно толькi мiнулае, - цяжка.
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|