Страница:
103 из 594
Толькі гэтыя трынаццаць з трапяткімі адбіткамі полымя на тварах (перад імі стаяла жароўня, і ад яе агню, здавалася, былі ружовыя хітоны з радна і крывавыя твары). Ды яшчэ варта (латы іхнія ад вобліскаў наліваліся чырванню, дрыжэлі і нібыта плавіліся). Ды яшчэ кат са скрыжаванымі на грудзях, голымі па локаць рукамі ля дзвярэй у катоўню.
Ды яшчэ, высока за сталом, увесь вялікі гародзенскі сінедрыён. Войт Жаба ад замкавага і магістрацкага суда, адзін у двух іпастасях; Юстын і радцы — ад магістрата, радзецкага і лаўнічага суда; Балвановіч з чатырма бязлікімі папамі і Лотр з Камаром і Басяцкім — ад суда духоўнага.
Іосія паказаў вачыма Братчыку на канец прэнга. Каб даўжэйшы быў падважнік, канец гэты прасунулі ў адтуліну ля дзвярэй катавальні: правасуддзе прыгадала падсудным, што яно такое, намякнула, якое яно, прыўзняло з сапраўднага свайго аблічча краёчак самавітай і гожай маскі.
Круцельскі Юрасёвы твар скрывіўся. Ён уздыхнуў.
— Зала чалавеказнаўства, — прашаптаў іудзей.
Братчык нявесела ўсміхнуўся.
— Тут прызнаюцца ў тым, чаго не рабілі, — сказаў Іосія.
— Ну, гэта не навіна, — аднымі вуснамі сказаў Братчык.
Упаў удар молата.
— Дык вось, — сказаў Лотр. — Што прымусіла вас, агідныя ерэтыкі, імя Хрыста, Пана Бога нашага, і апосталаў ягоных сабе прыпісаць і прыўлашчыць?
— Мы ліцадзеі, — з воцатнай усмешкай сказаў лысы Мірон Жарнакрут. — Праўдзівей, я ліцадзей. Іх я проста ўзяў у сябры. Астатнія, былыя мае сябры, выгналі мяне.
|< Пред. 101 102 103 104 105 След. >|