Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 104 из 594



— Разам з фургонам? — спытаў Басяцкі.

Маўчанне.

— Добра, — сказаў Лотр. — А што прымусіла вас, няшчасныя, пайсці з ім? Ну вось хаця б ты, мардаты? Як цябе?…

Малады бялёсы мардач спалохана заміргаў вачыма.

— Хлеб.

Сінедрыён нават не пераглянуўся. Але кожнаму нібы стукнула ў сэрца. Гэтыя дні… Суд над мышамі… Збіццё хлебніка… Сённяшняя анафема… Пабоішча на Ростані… Магчыма, змова… Агульнае незадавальненне… І тут яшчэ гэтыя.

— Хлеб? — з асаблівай значнасцю спытаў Камар.

У Братчыка нешта нібы заенчыла, замерла ўнутры. Спачатку Пархвер паказаў ім таямніцу Жалезнага Ваўка, якая, магчыма, магла ўратаваць караля ад нападу. Цяпер ім задалі гэтае пытанне. Ён зразумеў, што паратунку няма і што ведае гэта ён адзін.

Юрась пакасіўся на астатніх. Відовішча, вядома, не з лепшых. Радно, скураныя поршні, зблытаныя валасы. Морды людзей, што здабываюць штодзённую лусту хлеба круцельствамі і маной.

— Жарнакрут брэша, — сказаў ён. — Усе яны прысталі да мяне. Мы, вядома, трохі махлярылі, але мы не зрабілі нічога дрэннага. І нават калі мы зрабілі невядомы нам злачын — адказ мой.

Лотр глядзеў на яго дапытліва. Высокі, дужа добра збіты, валасы залатыя, а твар нейкі смешны: густыя бровы, вочы ненатуральна вялікія і празрыстыя, аблічча мятае. Чорт ведае, што за чалавек.

— Ты хто? Адкуль?

— Юрась Братчык з П'янага Двара. Пачынак П'яны Двор.

— Прасачы там, — сказаў Лотр пану земскаму пісару.

|< Пред. 102 103 104 105 106 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]