Страница:
105 из 594
Пісар зашалахцеў вялізнымі аркушамі скураной кнігі. Гэта быў «Вялікі чарцёж Княства». Кардынал глядзеў у вочы чалавеку. Вочы не міргалі. Наадварот, Лотр раптоўна адчуў, што з іх нешта нібыта льецца і памякчае ягоны гнеў і ягоную цвёрдую рашучасць. Не магло быць сумнення — гэты запылены прайдзісвет, гэтая шэльма, што гандлюе ўласным круцельствам, нібыта рабіў яго, кардынала, дабрэйшым.
Лотр адвёў вочы.
— Няма такога пачынка П'яны Двор, — спалохана сказаў пісар.
— Ну? — спытаў Лотр.
— Правільна. Няма. Цяпер яго няма. І жыхароў няма, — сказаў Юрась.
— Ну-ну, — успыхнуў Камар. — Ты тут на нашых душах не іграй. Татары, ці хто, пабілі?
— Татары, толькі не абрэзаныя. Не раскосыя. Не ў чалмах.
Басяцкі звузіў вочы.
— Ясна. Не круці. Чаму няма ні ў чарцяжы, ні ў пісцовых кнігах?
— І не магло быць.
«Ясна, — падумаў Юстын. — Пайшлі, відаць, у лес, расчысцілі пачынак дый жылі. А потым з'явіліся… татары… і пабілі. За што? А Бог яго ведае за што. Можа, ад пабораў уцяклі людзі? А можа, сектанты. Веру сваю ерэтычную ратавалі. І за тое і за другое выбіць маглі».
— Ляднікі? — спытаў Балвановіч. — Вольныя аратаі лясоў?
— Не магу напэўна сцвярджаць, — сказаў з усмешкай Братчык. — Мне было сем год. Я вырас на гнойнай кучы, а ўзмужнеў сярод ваўкоў.
— Так, — сказаў Лотр. — Ты гаворыш не як прасталюдзін. Чытаць умееш?
— Умею.
— Распусцілі гадаў, — буркнуў Жаба.
— Дзе вучылі?
— У калегіюме.
|< Пред. 103 104 105 106 107 След. >|