Страница:
106 из 594
«Ясна, — зноў падумаў Юстын. — Бацькоў, відаць, выбілі, а дзіця аддалі ў Божы дом, а потым, калі ўбачылі, што не здох, узялі ў калегіюм».
Ён думаў так, але паручыцца нізавошта не мог. Магло быць так, а магло быць і так, што прайдзісвет маніць. Можа,і зусім таго П'янага Двара не было, а гэты — каралёў злачынец ці ўвогуле адроддзе пекла.
— У якім калегіюме?
— Я шкаляр Мірскага калегіюма…
— Калега! — зароў Жаба. — «Evoe, rex Juppiter…»*
* Пачатак застольнай песні, блюзнерскай і непрыстойнай па зместу. «Лікуй, кароль Юпітэр…»
Лотр пакасіўся на яго. Жаба змоўк. Бурмістр Юстын бачыў, што ўсе, акрамя яго і пісара, глядзяць шкаляру ў вочы. Ён не глядзеў. Так яму было лягчэй.
Пісар гартаў другую кнігу.
— Няма такога шкаляра, — сказаў ён. — Ні ў Міры і ні ва ўсіх калегіюмах, парафіяльных школах, бурсах, царкоўных і іншых школах няма такога шкаляра.
— Так, — сказаў Братчык. — Ц я п е р няма. Я б ы л ы мірскі шкаляр.
Пісар працаваў як машына:
— І сярод тых, што скончылі і атрымалі…
— Мяне выгналі з калегіюма.
Дзіўна, Юстын фізічна адчуваў, што гэты невядомы хлусіць. Мо таму, што не глядзеў яму ў вочы. І яму было дзіўна яшчэ і тое, што вераць гэтаму валацугу ўсе астатнія.
— За што выгналі? — прачнуўся біскуп Камар.
— За памяркоўнасць, спагаду і… сумненні ў веры.
Юстына аж перасмыкнула. Вераць і дапытваць не будуць. Вераць, што ты з П'янага Двара, што ты шкаляр.
|< Пред. 104 105 106 107 108 След. >|