Страница:
107 из 594
Але што ж ты гэта зараз сказаў? Як з месіка зваліўся, дурыла. Распісаўся ў самым страшным злачынстве. Хай бы тут быў папа, Лютар, усе бацькі ўсіх цэркваў — для ўсіх іх няма нічога горшага за гэта. Цяпер канец. І як ён сочыць за тварамі ўсіх.
— Іншаверцам, пэўна, спагадаў? — спытаў Лотр.
Юрась усё маўчаў. Глядзеў у вочы людзей за сталом. Адна нянавісць была ў іх. Адно непрыняцце. Братчык адвёў вочы. Спадзявацца не было на што.
— У чым сумняваўся?
— У святасці Лота, пан Лотр. Я чытаў… Я даволі добра ведаю гэтую гісторыю. Анёлы дарэмна ўступіліся за свайго сябра. Не трэба было паліваць нечасцівыя гарады агнём. Няварта было ратаваць адзінага праведніка. Ледзь ён пазбегнуў небяспекі, як учыніў яшчэ горшае. Паўсюль адна брыда. Павольна жывуць і змяняюцца людзі. Цяжка жыць сярод іх і паміраць. Але што зробіш? Вольныя мы з'явіцца ў гэтым свеце і ў гэты час, але не вольныя выскачыць з іх. Кожнага кліча ў с в о й ч а с зямля.
— Нешта такое дзівотнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, — ялейна сказаў Басяцкі. — Ні храна не зразумець… Ну?
— Ну, я і пайшоў па зямлі… Без надзеі, але каб ведаць усё і жыць, як усе. Ні мне, ні ім і ні вам анічога не дапаможа. Шчасце не з'явіцца перадчасна. Але застаецца цікаўнасць, дзеля якой мы… ну, як бы гэта вам сказаць… з'яўляемся ў гэты свет, калі… наш Бог вядзе нас у яго.
«Паверылі ўсякаму, нават самаму цёмнаму слову, — падумаў Юстын. — Што за сіла? Іншых ужо катавалі і правяралі б. А тут… Але нічога, вогнішча яму не мінуць».
Маўчанне вісела над галовамі.
|< Пред. 105 106 107 108 109 След. >|