Страница:
118 из 594
Яны ж таксама — абшчына.
Яны падцягнулі вось яго да брамы, але тут ён учапіўся за шулы, як «дзед» за валасы, і хаця яны былі страшэнна тлустыя і здаровыя — яны нічога не маглі зрабіць з ім адным. Бо яны перашкаджалі адзін аднаму, а ён, такі ўчэпісты, упяўся ў шулы, як самшыт дрэва ў расколіну скалы. Прызнацца, я адразу ўхваліў яго, і ён мне гэтым спадабаўся. Заўсёды прыемна, калі адзін мужна трымаецца супраць многіх… Я трохі разумею мясцовую гаворку і пачуў…
— Зладзеі вы! — крычаў ён. — Каб вы рэдзькай раслі і каб гэтая бедная ваша задніца матлялася ў паветры.
Яны пыхкалі, і саплі, і вазіліся, як вожыкі, а я сачыў за імі. Мне не было куды спяшацца і не было куды ісці. У гэтым прытульным месцы для мяне не было месца.
Яны таўкліся, але нічога не маглі зрабіць з ім. Ён трымаўся і крычаў:
— Ва ўсіх разбойнікаў на зямлі адна мова! Яе-ткі вы… але, яе-ткі вы ведаеце! Што б сказалі вашы нябожчыкі, вашы богабаязныя бабулі, вашы набожныя продкі?! Яны перакруціліся б у магілах… задам да Ерусаліма, які вы прадалі! Нашто вам спісак Пана Бога — у вас спіскі нарабаванага.
І тут нечы выспятак выбіў, урэшце, яго з брамы. Ён паляцеў і пляснуўся ў пыл.
|< Пред. 116 117 118 119 120 След. >|