Страница:
119 из 594
А потым ускочыў і распачаў такую ярасную Іерэміяду, якой мне ніколі не даводзілася бачыць і чуць:
— Гігочаце вы над падзеннем народа свайго, як коні! Шакалы вы! Каб вам ціснуцца да гною, каб вашая скура стала сухая, як дрэва! Вушы ў вас неабрэзаныя, у трунах вы пачуеце; самі свінні і свінняў жарэце, і мярзотнае варыва ў гаршках вашых.
І раптам так закрычаў, што мяне аж разабраў смех:
— Басякі-і! Тфу на вас! Тфу!
Ён кідаў у іх прыгаршчамі пылу і плакаў ад бяссілля, бо гэта ім было, як і словы, — аб сценку гарох. Тады я падумаў, што яго і сапраўды могуць пабіць каменнямі і гэта будзе дрэнна. Я падышоў і сказаў яму: «Хадзем, братка».
— Ён сказаў мне: «Хадзем, братка», — прамармытаў Іосія. — І я пайшоў. А што мне яшчэ заставалася рабіць?
— Мы пайшлі ўжо двох. У Слоніме нам заставацца не выпадала. Раввуні меў рацыю: Бог нібы адабраў у гэтага Шамоэла розум. Ён хапаў, як воўк, за жывое. Пасля мы даведаліся, што мужыкі забілі яго і двух ягоных хаўруснікаў і яшчэ двох невінаватых.
— Ты ведаеш, што ён заплаціў доўг Слонімскага войта і атрымаў за гэта права выбіваць нядоімкі з ягоных мужыкоў? Што ён дзейнічаў законна, як то кажа права княства? — спытаў Жаба.
— Ён выбіваў… Ды хто там лічыў, колькі ён выбіваў? — сказаў Раввуні. — Я папярэджваў яго, але ён не паслухаўся. Шкада невінаватых… Але, як не лічыць іх, мужыкі зрабілі святую справу, забіўшы яго. Таму што выбіў ён удвая больш, як заплаціў. І калі адкупшчыкі будуць і далей грабежнічаць — будзе не забойства, а бунт. Пераб'юць не толькі адкупшчыкаў — іудзеяў, беларусаў і немцаў. Будуць біць і вас*.
* Інстытут адкупшчыкаў быў адной з прычын паўстання Васіля Вашчылы.
— Но-но, — сказаў Камар. — Бліжэй да справы.
— Мы баяліся заставацца ў Слоніме.
|< Пред. 117 118 119 120 121 След. >|