Страница:
10 из 594
…А потым бачылі я г о ўжо з двума іншымі людзьмі… А пасля бачылі шэсць чалавек… Дзесяць… потым было іх трынаццаць, і за імі цягнуўся крыты кужэляй фургон».
СЛОВА ДВУХ СВЕДКАЎ
«Так лічылі людзі. Але мы нічога такога не заўважалі, калі яно і было. Іначай чаму б ён быў спачатку такі, як мы, чаму нікуды не ўблытваўся і не лез, чаму не дапамог людзям?
Наблытаў тут бессаромна ў адзіным сваім запісе аб ім, аб чутках, якія хадзілі пра пачатак ягоны, Андронік Лагафіл. І нічога болей не сказаў, спадзеючыся на іншых. Пра галоўнае не сказаў.
А было не так. Было вось як. Слухайце, людзі.
РАЗДЗЕЛ ІІ ГОЛАД, І ПОШАСЦЬ, І МОР
У тыя дні, калі кіравалі суддзі, здарыўся голад на зямлі.
«Кніга Руфі»
Зямля была чорная.
Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах. Рэдка, часам у палове сажэня адзін ад аднаго, варушыліся на ёй чэзлыя жытнія парасткі.
Вецер часам уздыхаў сярод гарачыні, але нёс толькі яшчэ большую спёку, бы з напаленай печкі. І тады полем блукалі карлікавыя смерчы. Яны неслі пыл, але такі чорны, што, здавалася, — попел.
І такі самы попел віўся з-пад капытоў паляўнічай кавалькады, якая імчала полем, а потым дарогай, да недалёкага сяла.
Людзі ехалі збольшага на чорных або мышастых злых мулах, і па гэтым можна было здагадацца, што едуць людзі духоўнага звання. Але, каб не пурпурная кардынальская мантыя аднаго, каб не біскупскі плашч другога, каб не шэрая дамініканская і не ліловая праваслаўная расы двух іншых, любы наглядальнік мог бы ўзяць гэта пад сумненне.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|