Страница:
122 из 594
…Непадалёку адзін ад аднаго стаялі два чаўны. Стаялі і, відаць, не маглі раз'ехацца, бо мярэжы іхнія зблыталіся і спляліся, а якраз у месцы спляцення білася вялізная рыба. Дальбог, я яшчэ не бачыў такой. Вялізны сом сажня ў паўтара — калі не ў два — даўжынёй. Відаць, ён заблытаўся ў адну мярэжу, пацягнуў яе, наскочыў на другую і зблытаў іх. Сом гэты біўся, раскрываў шырокі рот, плямкаў грыбамі, варушыў вусамі і вытрэшчваў маленькія вочы.
Братчык спыніў свой позірк на Жабе і ўсміхнуўся. Вельмі хітравата.
— З таго часу варта мне толькі ўбачыць тлустага дурня пры выкананні ім службы — і мне адразу ўспамінаецца гэты сом.
А ў чаўнах біліся і цягалі адзін аднаго за чубы людзі. У адным чаўне вось гэтыя два браты, а ў другім — гэтыя. Таксама браты.
— До, — сказаў Лотр. — Цяпер яны. Ты хто?
Наперад выступіў кучматы і зарослы чалавек з падступнымі вачыма забіякі, адзін з тых «рымскіх ваякаў», што дзялілі ля крыжа адзенне. У адным з куткоў рота — пагардлівая ўсмешка; тытунёвыя вочы нядобра бегаюць. На галаве, як ва ўсіх кучаравых, што ўвайшлі ва ўзрост, пачынае прабівацца лысіна.
— Лявон Конаўка, — з выхвальствам сказаў чалавек.
Ягоны сусед, падобны да яго, але яшчэ па-юначаму танклявы (ды яшчэ ў вачах, замест выхваляння і нахабства, баязлівасць), дадаў:
— А я яму брат. І нічога мы больш не рабілі. Мы рыбакі.
|< Пред. 120 121 122 123 124 След. >|