Страница:
121 из 594
Ці зашмат было гэтай самай варожай прыроды, ці бракавала мазгоў і эстэтычнага жыцця, ці недараслі яшчэ людзі, але на працягу дваццаці сямі стагодзяў еўрапейскай літаратуры мы не сустрэнем у ёй нават такой колькасці пейзажаў, колькі іх скажам, у «Вайне і міры». Проста не лічылі за патрэбнае, як і творцы дужа сучасных раманаў.
— Мы селі на адзіным голым узгорку, які зарос доўгай, як косы, травою. Гэта, відаць, быў нейкі могільнік, бо сям-там, прадзершы зямную шкуру, тырчалі з зямлі вострыя камяні. Як піраміды. Толькі вузкія ля зямлі і доўгія, амаль у чалавечы рост. То прамыя, а то і нахіленыя. Якая з трыма бакамі, а якая і з чатырма, як дах чатырохкутнай вежы.
— Я ведаю гэты могільнік, — ашчэрыўся Камар. — Гэта праклятае месца. Гэты могільнік паганскіх волатаў, пярэваратняў, ваўкалакаў. Хрысціяніну грэх нават глядзець на яго і падобна таму, як душу загубіць, — сядзець там… Запішы і гэтую іхнюю правіну, пісар*.
* На самой справе клады над Бяздонным возерам — унікальны старажытнаславянскіі могільнік V-ІХ стст. Падобнага яму бадай што і няма. Не курганы, а вострыя каменныя піраміды. Сведчанне высокай культуры. І яшчэ сведчанне чалавечнасці, таго, што і ў тыя часы любілі бацькоў і не хацелі для іх забыцця па смерці.
— Не ведаю. Нам было там хораша і спакойна. Захад. Чырвонае возера. Старажытныя камяні. Камашня таўчэ мак.
Мы развялі вогнішча. Я ўзяў нітку і гачок і рушыў да берага, каб спаймаць нешта. Але як толькі я падышоў да вады, я пачуў, што з возера імчыць густая лаянка, якая абражала і возера, і магілы, і гэты спакой.
|< Пред. 119 120 121 122 123 След. >|