Страница:
3 из 594
Можа, яна дойдзе, калі пачнуць кананізаваць не ўсвятыя, а ў Людзі. То й хай будзе праўда.
Аман!
РАЗДЗЕЛ І ПАДЗЕННЕ АГНЯВОГА ЗМІЯ
Раздзерлася напалам неба, і ў агні з'явіўся Ён. І быў Ён выглядам чалавек, і ўвесь у агні, і такі непадобны да нас, што мы ў жаху ўцяклі.
«Легенда Карычных астравоў»
Будуць вялікія землятрусы па месцах, і глады, і пошасці, і жахлівыя з'явы, і вялікія знакі з неба.
Лука,гл.21, ст.11
«…Год той быў страшны год. І дурному было ясна, што абяцае ён сатанінскія вялікія беды. Па ўсёй зямлі беларускай чынілася такое, чаго ні раней, ні потым не бачылі нават відалыя людзі.
З самага пачатку года і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў, а ветру наступнага дня не было. І высокія аблокі ўначы свяціліся срэбрам, і слупы агнявыя ўзімку гулялі ў небе, нібы гэта ў самаедскіх праклятых землях, а не ў нас. Хто хадзіў з таварамі ў Любку*, Брэмен ці Рыгу, а адтуль морам на Стыкольню**, Хрысціянію, ангельскія землі і на поўдзень ад іх, як то ў заводзе было, казалі: коннік на «маці мора»*** скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема, туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол****, як то належыць.
* Любек.
** Стакгольм.
*** Компас.
**** Палярная зорка.
Паразбівалася ў той год караблёў — Божа ты мой! Як ніколі датуль.
І ад жаху, а можа, і па волі Божай, які ўсё гэта наслаў, людзі ў той год нядужалі. Нат не піўшы, уставалі ўранні з галавою, як кадоўбец, з рукамі, нібы бяскостнымі.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|