Страница:
5 из 594
Мала яму было, архінявернаму схізмату, што гаспадыня ягоная ледзь яго ўратавала ад вогнішча, бо ён трупы выкопваў і трыбушыў іх так, што і Пётр-апостал іх потым не пазнаў бы. І, магчыма, шмат людзей такім чынам у рай не трапілі. Мала, відаць, калі ўсё ж паехаў і, нягледзячы на страшэнны смурод, звяроў-цмокаў тых агледзеў ды запісаў, цешачы марную і бескарысную сваю цікаўнасць.
Бо гэта толькі таму і трэба было, каб ведалі ўсе, якіх цмокаў закляў прападобны Амбражэй. І калі хто хоча ведаць, я к і х, тым я, на хвілінку ў лекарскія запісы заглянуўшы, цмока таго апішу, каб ведалі веліч нашай мудрай царквы, хай вечна будзе з ёю Пан Бог.
Выглядам той цмок быў, як звер фока*, такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэйшы за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх** сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы.
* Цюлень.
** Лагойскіх.
Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані.
І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо — з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга.
Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|