Страница:
4 из 594
І пацелі ўначы, і ў грудзях іхніх ціснула і раўло, а ў некаторых валасы лезлі. І надзіва мала ў той год нарадзілася дзяцей, можа, таму, што быў голад і пошасць, а можа, па волі Божай, каб не пакутавалі бязвінныя.
Не толькі людзям, а і звярам, і гадам, і пачварам падводным даводзілася ў той год цяжка. Якраз тады выдахлі ў Сенненскіх азёрах цмокі, пра якіх пісаў яшчэ прападобны Амбражэй Куцеянскі; якіх цмокаў ён калісьці закляў і загнаў у возера, каб не палохалі людзей. Вальнадумцы і ерэтыкі казалі, што ўсё гэта байкі, бо ніхто тых цмокаў, акрамя п'янюг начных, не бачыў. Што ж, і п'янюгам трэба верыць. Які гэта цвярозы богабаязны чалавек палезе ўначы на лясное возера з дрэннаю славай?!
І яшчэ казалі вальнадумцы, што каб цмокі былі — яны б народ хапалі, лапалі. І гэта ерась! Па-першае, прападобны Амбражэй тых цмокаў закляў, а па-другое, забылі яны, што ніколі ў тыя часы не аддавала Лепельскае возера трупаў.
А ў той год і вальнадумцы ахнулі. Праўду казаў прападобны. За адну ноч на водмелях тых яшчураў, тых цмокаў знайшлі сорак, ды палова таго хісталася на фалях, як плаваючыя выспы. Ды другой раніцай знайшлі яшчэ трохі менш паловы таго, што выдахла ў першую ноч.
А яшчэ праз ноч усплыў самы вялікі. Адзін.
Смаллянскі лекар з тамтэйшага замка літасцівай нашае каралевы Боны, дачуўшыся, паскакаў на тое возера, каб таго дзікага і страхавобразнага звера ўбачыць.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|