Страница:
470 из 594
Але было позна. Гурма бегла і вырастала, бы ў сне. Наляцела. Затапіла. Узнесліся бусакі, пачалі хапаць коннікаў і вырываць іх з сёдлаў на зямлю, з якой яны, цяжкія, амаль не маглі ўзняцца. Паляцелі стрэлы і камяні. Заляскалі доўбні і цапы па жалезных шаломах.
І пайшла малацьба.
Праз нейкія дзве гадзіны на лагчыну спускаліся крумкачы. Бой у тых ачагах, дзе ён яшчэ віраваў, аддаляўся на захад, да муроў Гародні. Але большая частка жалезных адыходзіла з месца сечы, прышпорваючы коней, і гурмы пераможцаў імкнулі за імі.
Варта паспела ўсё ж прапусціць сваіх і зачыніць браму. Але каваль Кірык Вястун загадаў выкаціць на лінію каноны і страляць. Пасля кароткай кананады палавінкі варот разам з вялікім кавалкам даўно не рапараванага муру разбурыліся, рассыпаліся, грукнулі аб зямлю. Хмара пылу ўстала над уломкамі. Варта спрабавала была бараніцца на руінах, і тут на яе, з тылу, напала ўзброеная гурма мяшчан. Наперадзе іх арудавалі Зянон і залатарукі Ціхон Вус. Сціснутыя між молатам і кавадлам, людзі варты ледзь паспелі выбрацца Страменным завулкам, а пасля Старой вуліцай да замка і там далучыцца да войска, кінуўшы на зямлі палову сваіх людзей.
Іліяш пагладзіў белага Братчыкавага каня.
— Шкада, няма ў нас аслоў, — сказаў Тумаш. — Дзеля поўнага, значыцца, падабенства.
— Аслоў больш чым трэба, — крануў каня Юрась. — Ды яны самі вярхом ездзяць.
Хмара пылу радзела. І праз яе мяшчане ўбачылі конніка, што ўступаў у горад.
|< Пред. 468 469 470 471 472 След. >|