Страница:
471 из 594
Нізкае яшчэ сонца німбам стаяла за ягонай галавой. Гарлаў, крычаў узброены народ з галінамі ў руках.
— Страшна падумаць, — ціха сказаў Іуда, — што гэта было б, каб ты зараз надумаў мярзотнікам зрабіцца. У-у!
— А яны, мярзотнікі, усе калі-небудзь вось так імі рабіліся, — коса ўсміхнуўся Хрыстос.
Варта і войска між тым біліся перад замкавым мостам. Ім было цяжка. З дахаў кідалі паленні, камяні, здохлых кошак. Свісцелі, галёкалі. Напіраў на іх узброены натоўп.
З-за муроў даляталі томныя, анёльскія галасы, і таму ваякі біліся звар'яцела: «Значыцца, нас не кінулі, значыцца, правадыры — там».
…А між тым у замку не было ўжо амаль нікога з вялікіх асоб. Гадзінаю раней, як толькі Хрыстос уступіў у горад, усе духоўныя члены рады, войт і пара магнатаў пад аховай дзесятка ваякаў спусціліся ў падземны ход і, па вадзе, пабрылі па ім да выхаду, што знаходзіўся за гарадской мяжой, можа,у нейкай тысячы сажняў ад замка. Яны кінулі большасць свецкіх багатыроў і нават бурмістра Юстына: не было часу паклапаціцца аб іх.
У горадзе таемна застаўся адзін Фларыян Басяцкі: рыхтаваць гандляроў у горадзе.
Астатнія правіліся ў Ваўкавыск за падмогай.
А сеча ля брамы замка віравала. Віселі на дзідах, білі бярвеннямі ў палавінкі, і муры калаціліся. Падалі камяні на ўзнятыя над галовамі шчыты. Секліся на зубцах, і паперадзе ўсіх трос пузам Тумаш.
Іншыя між тым выбівалі дзверы цэркваў і касцёлаў, ірваліся туды.
|< Пред. 469 470 471 472 473 След. >|