Страница:
472 из 594
Скураныя поршні ўдарамі адчынялі алтары, сякеры расколвалі дараносіцы. Гнеў і жаданне знішчаць усё гэта былі вышэй за прагнасць. І таму рукі колеру зямлі з трэскам раздзіралі рызы, рабілі з іх анучы. Не абышлося і без пабояў, якімі адзначылі асабліва ненавісных і прагных расафорнікаў.
Урэшце выбілі браму замка і ўдзерліся ў яго. Беглі пераходамі, секліся, цягнулі з пакояў людзей, апранутых у парчу. Купка людзей падымала з каменных мяхоў вязняў. Падымала, завязаўшы вочы, нібы коней з шахты, каб не аслеплі.
І ўрэшце людскі натоўп уваліўся ў тронны зал. Палалі паходні, і мужыкі спыніліся, уражаныя. Перад імі, па ўсёй падлозе, былі рассыпаныя адзенні, кубкі, адчыненыя скрыні, неацанімая зброя. А ля вышняга месца стаяў у белай сарочцы і чорнай чузе — падрыхтаваўся — бурмістр Юстын.
— Бярыце, — сказаў ён. — Мёртваму нічога не трэба.
Якраз у гэты момант каваль Кірык Вястун у замкавай капліцы скінуў ударам гізаўры на падлогу разубранага ў золата васковага Хрыста. Той усміхаўся, лежачы на спіне.
— І тады так усміхаўся! Ід-дал!
І наступіў поршнем проста на васковы твар, змяў яго.
РАЗДЗЕЛ ХLІІ МУЖЫЦКІ ХРЫСТОС
Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку.
Мацей, гл. 28, ст. 20
Я прыйшоў да тых, чыя ежа — зямля,
Да тых, каго слухаюць толькі быкі,
Да тых, каго кіем б'юць на палях,
Чыё рабства — вякі, чыё царства — вякі.
Егіпецкі гімн
СЛОВА ДВУХ СВЕДКАЎ
«І так вось узялі Гародню. Без вялікай крыві, а і хутка. Таму што многія чакалі.
|< Пред. 470 471 472 473 474 След. >|