Страница:
497 из 594
Хай памінае мяне чаша сія, але, зрэшты, як хочаш. Бо калі ты вызначыш мне загінуць, зямля мая, я не буду наракаць».
РАЗДЗЕЛ ХLVІ НОЧ БЕЛЫХ КРЫЖОЎ
У агні пажару стаяла такая гарачыня, і так прагнулі яны, што падстаўлялі шаломы пад струмені крыві і ў імя Пана Бога, але як паганец багабрыдкі Гаген, пілі з шаломаў кроў зарэзаных.
Каноік Торскі
А горад спаў. Толькі варта маячыла на мурах ды на званіцы балбаталі пра сеё-тое Ціхон Вус з Дударом.
Зянон і Вястун, праходзячы забралам над Лідскай брамай, кожны раз гукалі няголасна:
— Тумаш, спіш?
— Ды не, — сіпата адказваў знізу Фама. — Хай варта пахрапе, я ўжо раніцай.
— А малады?
— Ды побач са мною. Свішча ва ўсе закруткі. Сон бачыць. Нібыта найпершую красуню патаптаў.
— Гы-ы.
І зноў крокі вартавых. Зноў цішыня.
А між тым у цэнтры горада, далёка ад муроў і ад варты, даўно ўжо гучалі іншыя крокі. Ценевымі бакамі вуліц слізгалі, хаваючыся часам у нішы і завулкі, людзі з белымі крыжамі на рукавах. Цягнуліся ланцужкамі ў завулку, займалі іх, станавіліся ля мечаных дамоў, групаваліся ў найбольш небяспечных месцах.
З завулкаў, з патаемных хадоў выпаўзалі яшчэ і яшчэ людзі, аж пакуль не пачало здавацца, што ў цемры шапаціць і разліваецца нялічанае гняздо павукоў-крыжавікоў.
Група Пархвера, выбраўшыся з-пад зямлі, пайшла да лямуса, і там волат, увесь набрыняўшы крывёю, адваліў вялізнае камяніска, вызваліўшы другое жарало, з якога адразу ж паліўся чалавечы мурашнік.
|< Пред. 495 496 497 498 499 След. >|