Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 495 из 594



Яныкінуліся бегчы з усіх ног. Зніклі. Пастаяў у паветры і асеў блакітны ад месяца пыл.

Пераклікаліся пеўні. Хрыстос ішоў між дрэў, адводзячы галіны, і лістота нібы плакала блакітам: падала раса.

Каложа ўстала перад ім у месячным ззянні такая простая, такая дасканалая, што перахапіла дых. Бліскучы купал, срэбна-сінія шкельцы ў вокнах барабана, паласатыя, аквамарын у чэрнь, муры. Усё густое, нават у ценях чорнае ў зелень, як пяро качара. Аранжавым, — кубавым, зеленаватым, вясёлкавым ззяюць на мурах пліты і крыжы з маёлікі.

Большай дасканаласці яму не даводзілася бачыць. Страшна падумаць, што нехта можа ўзняць на яе руку. Стаіць, нібы марскі палац, а над ёю схіляюцца дрэвы, хочуць сашчапіцца над купалам. А вышэй дрэў — неба, сусвет.

Ён мінуў храм і сеў на беразе Нёмана. Месяц, як залатая чаша, ззяў у глыбіні. Уставаў у небе сілуэт Каложы. Злева, далёка-далёка, стаялі на беразе абпаленыя шыбеніцы, а за імі, яшчэ далей, спаў замак. Сціснула сэрца ад любві да гэтай зямлі.

«Што ж я недадумаў? Што пагражае людзям, і гораду, і мне? Першаму абуджэнню чалавека да праўды? Што здрадзіць усяму гэтаму? Што, напэўна, пахавае пад руінамі светлага царства маю любоў?»

Ён глядзеў на сямікаляровую далёкую зорку.

«Правільна, што я не забіваў. Трэба было даць першы прыклад гэтым людзям, якія толькі пачынаюць пакутны, страшны, светлы свой шлях.

|< Пред. 493 494 495 496 497 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]