Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 521 из 594

Устаньце, зняслаўленыя, дайце адпор тым, хто наругаўся з вас, адрачыцеся таго, хто вас прадаў.

Рыдала дуда. Лучнік нацягнуў лук. Гучна ляснула па бычынай пальчатцы цеціва. Страла прабіла мяхі і ўпілася дудару ў ямку на мяжы грудзей і шыі, туды, дзе «жыве душа».

…Цішыня лягла над трупамі, і яе пачулі ўсе. Пачулі яе і Раввуні ў чоўне, і Братчык на беразе. Толькі Іуда ўбачыў страшнае раней, таму што да Хрыста якраз падыходзіў Лотр. У руцэ ў пастыра была кошка — сяміхвосты карбач з кручком на кожным канцы.

— Ілжэнастаўнік! Ерэсіярх! — толькі тут ярасць на ягоным твары плесканулася наверх, змываючы апошнія рэшткі самавітасці. — Брудны схізмат!

Увесь збарвавеўшы тварам, ён секануў кошкаю, здзіраючы ў Братчыка з пляча вопратку і скуру. Замахнуўся другі раз — Басяцкі і Камар схапілі яго за рукі: зразумелі, здзярэ са схопленага скуру без суда.

Братчык плюнуў Лотру пад ногі.

— Бач, спалохаўся як! Ну чаго ты? Шкуру з м я н е дзяруць — чаго ж т ы гарлаеш! Прызнавайся, нунцый, колькі разоў ад жаху ўграшыўся, пакуль я вас калаціў, як хацеў?

Ён прагнуў, каб яго хутчэй забілі. Тут, на месцы. Ён баяўся катавання. Але ён не ведаў, якое катаванне яны падрыхтавалі яму. Убачыў, што ўсе глядзяць то на яго, то на раку, зірнуў і ўпершыню страціў самавалоданне.

— Дзе ж т в о й гонар, Лотр?! Дзе ж т в а ё слова, Басяцкі?! Дзе, вашывыя пастыры?!

Два чаўны адчальвалі ад берага, рыхтуючыся ў пагоню. У кожным было па чатыры ўзброеныя весляры.

|< Пред. 519 520 521 522 523 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]