Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 523 из 594



І тады, разумеючы, што гэта ўсё, што гэтым людзям можна нават пляваць у вочы, ён, сам не разумеючы, на што спадзяецца, у раз'юшанасці крыкнуў:

— Раввуні! Раввуні!Рав-ву-ні-ні!

Пачуўшы гэты крык, Іуда, які даўно ўжо бачыў пагоню, у адчаі замітусіўся па чоўне. Рака імчала, берагі праляталі хутка, але яшчэ хутчэй, кожны нібы на крылах, набліжаліся, ва ўзмахах вёслаў, чаўны праследавацеляў.

Іуда сеў і пачаў няўмела веславаць. Паставіў човен спачатку бокам, пасля кармой, пасля зноў носам. Вясло зарывалася ў ваду, вынырала адтуль у хмарах пырскаў. Іуда не ўмеў веславаць. Ён, увогуле, мала што ўмеў. Ні веславаць, ні фехтаваць, ні плаваць. Дзе ён мог навучыцца гэтаму?

Тады ён вырашыў маліцца. Вось памоліцца трохі, няхай не па правілах, а потым возьме жанчыну і скокне ў ваду, і, паколькі не ўмее плаваць, а яна звязаная, — яны неадкладна пойдуць на дно. І гэта добра. Пазбыцца пакут і не здрадзіць Братчыку.

Ён засяродзіўся і з жахам успомніў, што не памятае ніводнага слова. Не таму, што забыўся за час вандраванняў, а проста так… Бог пайшоў з душы. У празе адцягнуць час і ўспомніць ён убачыў на дне чоўна забытую мярэжу. Скеміў нешта. Пачаў па-звярынаму дзерці яе кіпцюрамі і зубамі, зрываючы каменныя грузілы. Вызваленую сець кінуў у ваду.

Пакуль пагоня блыталася вёсламі ў кінутым нераце, Іудаў човен паспеў трохі аддаліцца. Постаці Хрыста і царкоўнікаў на адхоне былі ўжо ледзь не ў чвэрць дзюйма. А Іуда ўсё не мог успомніць ні слова. Замест гэтага лезла ў галаву непадыходзячае: твар Шамоэла… ён сам падчас бойкі ў варотах Слонімскай сінагогі… ружовае сонца над Шчарай.

|< Пред. 521 522 523 524 525 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]