Страница:
529 из 594
Удзень і ўначы раўлі ў сутарэннях мяхі і ляскалі клешчы. Грамадзян, да якіх прыкінуўся антонаў агонь вальналюбства і чыстай веры, пасля допыту выводзілі і каралі смерцю на Зітхальным арбе, скрыжаваннях вуліц або на Лідскай дарозе. На смерць кожнага акуратна складалася паперка. Акт.
Мяшчане і мужыкі ў катавальнях асуджана маўчалі. Жыццё страціла дзеля іх цану ў самы той момант, калі яны страцілі абшар, да якога звыклі, смалісты водар пушчы і аполле, што залоціцца жытам і ячменем.
Цэлыя дні варта хадзіла па дамах, вышукваючы крамолу, хапала людзей і цягнула ў вялікую судную залу. Катавалі па адным, але прысуды выносілі пачкамі, не дужа разбіраючыся, што там да чаго. Вязні маўчалі, і агавораў не было, затое лютавалі, падаючы хлуслівыя даносы, віжы і сокі. І таму па горадзе кацілася лавіна арыштаў. Забіралі бацькоў у дзяцей і дзяцей у бацькоў, мужа — ад улюбёнай жонкі, хлопца — ад каханай. Уся Гародня не спала па начах. Людзі ляжалі і глядзелі бяссоннымі вачыма ў цемру. Пружына хлуслівага даносу магла ўдарыць кожнага ў кожную хвіліну.
Не спалі і арыштаваныя ў сутарэннях пад усходнім нефам замка. У гэтых усё было пэўнае, і яны маглі б спаць, але над імі ўсю ноч гарлала песні п'яная варта: зрывала на палонных свой нядаўні, смяротны перапуд.
|< Пред. 527 528 529 530 531 След. >|