Страница:
527 из 594
Мяккая трава глушылакрокі. Нейкая птушка, назвы якой ён таксама пакуль не ведаў, свірысцела ў лістоце. Так яму пашанцавала стаць амаль за спіною таго, хто сядзеў.
Іуда не памыліўся. Уцякач, здрадлівае падла Мацей, сядзеў і пералічваў грошы. І тады Раввуні голасна сказаў:
— У дні цара Саламона быў у Ерусаліме нейкі, хто трахнуў у храме, бо дынарый абяцалі яму.
Пры першых гуках голасу Мацей ускінуўся. Вочы былі белыя ад страху.
— Ты?!
— І з'явіўся да іх, з'явіўся ў Эмаўсе, і многія не верылі, што ён… Н-ну?!!
Мацей супакоіўся. Нахабна ўсыпаў грошы ў вацок і схаваў яго:
— Пашчу закрый… І, ведаеш, валі ты адсюль, агнец. Выбраўся, дык весяліся. А то вось дам, і… Дзіваў не бывае. Галавой наложыш.
Іуда бачыў, што Мацею трохі ніякава. Літаваць яго, аднак, не збіраўся. У агульнай здрадзе была і Мацеева лепта.
Ён рыкнуў так, што Мацей разгубіўся:
— Ты што?… Ты што?
Белыя, нібы ў сабакі, зубы Іуды амаль драпежна выскаліліся.
— Нехта казаў: Іудзе евангелля не паложана. Нехта ў мяне евангелле спёр і спахабіў.
— І не паложана. Па пісанню.
Іуда насунуўся на яго.
— А па жыццю? Па майму? І па твайму, смярдзючы тхор?
— Пісанне.
Іуда быў па-боску іранічны:
— А трыццаць срэбнікаў? Яны ж, згодна з пісаннем, мне належаць, а не табе.
— Ідзі атрымай. Хто перашкаджае?
— Па пісанню, чуеш? — твар у Іуды быў страшны.
|< Пред. 525 526 527 528 529 След. >|