Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 54 из 594

Насыплю яму яшчэ вузлік.

— І той насып, — змрочна сказаў «грак» Турай.

— Гэта чаму? — узвіўся хлебнік.

— А таму, — сказаў, смеючыся, Марка. — Чыя справа галубоў гадаваць? Ціснешся, скупірака? З-пад сябе з'еў бы?!

— Ты ўжо змоўч, шчанюк, — засычэў быў на яго хлебнік.

— А я вось табе дам «вузлік», — заступіўся за сябра Кляонік.

— Ты чаго лезеш?! Ты?! Каталік! Брат па веры!

— Брат я табе на нашых могілках буду: ты ля капліцы, я — з краёчку, дарма што я багоў рабіў, а ты іх рабаваў.

— Блюзнер! — кіпеў хлебнік.

— Змоўч, кажу, — усміхаўся Кляонік. — А то я з цябе лішняе дрэва здыму або зусім зраблю з цябе Яна Непамуцкага*.

* Адрэжу галаву.

— А вось табе і торба дзеля гэтага. — Кірык кінуў да ног хлебніка мех.

— Гэта яшчэ нашто? — пачырванеў той.

— Ён даў табе дзесятую частку талера. Гэта больш паловы вось гэтага меха.

Зянону было хоць праз зямлю праваліся. Сам не здолеў, лабідуда, то вось сябры за яго распінаюцца.

— Не, — ледзь выдушыў хлебнік.

— Значыцца, не дасі жыта?

— Раджу, ці што?

— Та-ак, — падазрона спакойна сказаў Кірык. — Духі святыя ўсё падзяўблі, мышы падсудныя.

І ён раптоўна ўзяў хлебніка за грудзі.

— П'янюга, мачыморда, рабаўнік, ты ў мяне зараз Нёманаву ваду будзеш піць да страшнага суда.

— Дзядзька… Дзядуля… Татуля… Швагер.

— Ідзі, — кінуў яго ў дзверы Вястун.

Хлебнік пабег у склад.

|< Пред. 52 53 54 55 56 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]