Страница:
55 из 594
— Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, — непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі.
…Трохі пазней сябры спусціліся ніжэй Каложскай царквы, да Нёмана. Шырокі, імкліва-прыгожы, празрысты, ён ляцеў, як страла. Праменні сонца гулялі на плыні, на купалах Каложы, на свінцовых, пазалочаных рамах у яе вокнах, на аліўкава-зялёных, карычневых, вясёлкавых крыжах з майалікі, на дахах і крыжах Барысаглебскага манастыра. На недалёкай драўлянай званіцы «Алене», пабудаванай коштам жонкі былога вялікага князя, блішчалі ахвяраваныя ёю званы. Шмат. Дзесяткі два.
Некалькі маладых мніхаў-жывапісцаў з манастырскай школы сядзелі на сонейку, корпаліся з фарбамі ў драўляных лыжачках, у паловах яечных шкарлупак, у кубачках, памерам з напарстак. Малявалі нешта на дошках, цюкалі чаканчыкамі па золаце і срэбры.
— Таксама радыя цеплыні, — сказаў распешчана дудар. — Божаму сонейку.
— А яны што, не людзі? — усміхнуўся Кляонік.
— Дык вы ж адны адных не лічыце за людзей, — буркнуў Турай.
Каваль пакасіўся на яго.
— Яны — людзі, — сказаў разьбяр. — І страшэнна здольныя людзі. У мяне з імі больш братэрства, чым хаця б з тым… капланам Басяцкім. Непамысна мне, калі гляджу я ў ягоныя вочы. Ён нешта такое патаемнае, страшнае.
— Кінь, — сказаў Марка. — Што ён, ад веры можа нас адвесці? Мы вас не чапаем, а вы нас не чапаеце.
— Мы не чапаем. Яны могуць зачапіць.
— Яны? — усміхнуўся Марка.
|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|