Страница:
558 из 594
Раптам ён зразумеў, чаго шкада. Выграб з вады домікі, фігуркі, палацы — усё, што стаяла на дне вялізных начовак. Пасля кінуў туды цела войта і мацней пусціў ваду:
— Да жывёлаў і гадаў.
Праз некаторы час ён адшукаў па задворках, у гусцейшых лопухах, лебядзе і дудках, мёртва-п'янае цела дамініканца. Скінуў з сябе расу і паклаў яму пад галаву. Пасля пабудзіў, моцна расціраючы п'янаму вушы.
— Дапіўся, — з дакорам сказаў Фама, калі дамініканец спуджана ўскінуўся.
— Бацюхны, — жахнуўся той. — Сонца ж высока! Калі ж да войта?
— Я і кажу, што дапіўся. Ты што, забыў? Былі ж мы ў войта. Добра, што я цябе не кінуў, што сувой нёс. Згубіў бы недзе.
— Не можа быць.
— Глядзі, подпіс.
— Дзіўна, — сказаў манах. — Не згадзіўся на вогнішча… Ніч-чога не помню.
— Дзіва што. Ты хаця памятаеш, што ты рабіў?
— Н-не.
— Біцца лез. Цалаваў. Хапаў.
— Каго?
— Ды ўжо ж не войта.
— Няўжо дачку ягоную?
— Што ты, ты ж маленькіх шкадуеш.
— Ж-жонку, — абмякнуў дамініканец. — Што ж будзе?
— Нічога не будзе. Угаварыў я войта. Дый напалохаў трохі. Сказаў, што ты ў святой службе нават за Басяцкім сочыш. Цяпер табе толькі маўчаць трэба.
— Братка… Ты маўчы… Калі ласка!
— Я — магіла… А пасля яшчэ мадней было. Хацеў ты сесці проста пад распяццем на Ростані. Ледзь завалок цябе сюды. А ты — распранацца. «Марыля, — кажаш, — хадзі пад бок».
Дамініканец замыкаў, трымаючыся за галаву і хістаючыся.
|< Пред. 556 557 558 559 560 След. >|