Страница:
561 из 594
* Урэшце, як гэта «чамусьці»? Вось я прапаную ў якасці цудоўнай новай тэмы для багасловаў сваю геніяльную здагадку: уся зямная музыка, нават канкрэтная, да свайго стварэння на зямлі існавала на нябёсах і, па выбару, укладалася ў чалавека, як праграма ў біялагічнага робата. Учора Бах, сёння Эльвін Прыслі.
Яны праляцелі праз вясёлку. Стаялі на аблоках чыстыя раскошныя хаты з буслянкамі на стрэхах. Буслы стаялі ў іх на адной назе і ляскалі дзюбамі ў такт харалу. Адрыны, хлявы, павеці і вазоўні — усё было ў парадку, усё дагледжанае і ладнае, на вякі.
На аблочных дварах, зарослых душыстымі рамонкамі, вясёлыя дзеці гулялі ў «піва». Каціліся па аблоках, як па ваце, з клуба на клуб. Басаногі пастушок гнаў па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма.
На самай высокай, сляпуча белай хмары стаяла хата з дзвюх састаўленых пяцісценак. І пры ёй таксама было ўсё, чаму трэба быць пры гаспадарлівай беларускай хаце: і хлявы, і адрына, і лазня.
На парозе хаты, падклаўшы рукі пад азадак, сядзеў і адпачываў пасля працоўнага дня самавіты Бог Саваоф, трохі падобны да сівавусага. Анёлкі апусцілі Хрыста перад ім.
— Вось, бацька, прынеслі.
— Добра, хлопцы… Заўтра трохі раней пабуджу. У Заэдэм'і скарадзіць трэба, пырнік з аблокаў так і лезе. Скажы ты, халера, ладу з ім ніяк не давядзеш, як з зямлі завезлі з гноем. Скарадзіць, хлопцы! Зноў жа, нектар з амброзіяй несабраныя. Ну, ідзіце, пакуль тое, выпіце там.
— Дзень добры, — сказаў Хрыстос.
— Здароў, — сказаў Бог. — Заходзь у хату.
— А я ў цябе не верыў, ойча.
— І правільна рабіў. Гэта ж як сон. Сон тых, хто пакутуе. Хто гіне, як ты.
Зайшлі ў хату, выцершы ад аблок ногі на смугчастым хадніку.
|< Пред. 559 560 561 562 563 След. >|