Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 563 из 594

— Гэта ж, бач, хаваюцца за бутэлькай гэтай, як зайцы за пнём, дык яшчэ мала гэтага ім. До! Траўнічкам дап'яце. Частуйся, госцейка. Каб ужо і сыты і п'яны. Усяго хопіць. Усё ў нас ёсць. Унь як Мікола святы прыходзіць з жонкаю, дык жонка ідзе і саначкі за сабою ў госці цягне. Загадзя. Каб, значыцца, дадому пасля адвезці… А цябе і напоім, і пакладзём, і, як па звычаі беларускім належыць, у ложак яшчэ чарку табе прынясу.

— Во, забалаболіла, — з любоўю сказаў Саваоф. — Чуеш, кум? Ды ты не таранці, Марыля. Ты капусту падавай… Ну, з прыбыццём, сынок.

Выпілі. Перахапіла дых. Сталі закусваць. Марыля прынесла гарачы гаршчок.

— Пад'еш, бацюхна, удосталь.

— Ану, пад капусту.

Яны елі. Марыля падлівала, падкладвала, рассцілала на Юрасевых каленях ручнік, глядзела на яго гаротна, падшыбіўшыся рукою.

— Расказвай, — сказаў трохі пасля Саваоф. — Як там на маёй зямлі беларускай? Сам ведаю, паскудна так, што горай быць не можа, дзякуючы лютым пастырам гэтым, але ты расказвай, кажы.

І Хрыстос расказаў. Пра ўсё. Пра голад і круцельствы, пра ашуканства, прыгнёт, подласць, ханжаства і забойствы сумленных. Пра справу веры і святую службу, пра дзікае прыніжэнне годных і зацісканне рота, пра бессаромную ліслівасць і высокую мужнасць, пра ярасць і мяцеж, пра дзікі боль і высокую журбу, пра ўсё, аб чым мы ўжо ведаем.

…Плакала Марыля, калі ён скончыў, а сам ён сядзеў, закрыўшы далонямі твар.

|< Пред. 561 562 563 564 565 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]