Страница:
564 из 594
Саваоф высмаркаўся ў белую анучку, паківаў галавою, наліў Хрысту гарэлку замест чаркі ў здаравенны кубак і сказаў глуха:
— Выпі. Табе цяпер во гэтак і трэба лупянуць. Зап'еш тут ад такога жыцця. Выпі. Плюнь, сынок. Ну, што ты з імі зробіш, калі яны там на зямлі дурні, чакушы ашалелыя. Маладыя яны яшчэ, людзі. Дурныя, пакуль тое.
— Дык што ж, і за такіх гінуць?
— Выпі… Выпіў?… І за такіх, сынок… І за такіх, якія яны будуць.
— Якія?
— Глядзі.
І Саваоф шырока расчыніў акно.
У разрывах аблокаў усё часцей і часцей відаць было зямлю. І вось уся яна адкрылася вачам. У аквамарыне акіянаў, дзе плавалі добрыя рыбы, у зелені пушч, дзе, нечапаныя, непалоханыя, хадзілі алені і мірныя зубры.
У золаце ніў і плаціне паўночных рэк, у срэбнай белі бясконцых садоў.
Буслы луналі над багатымі вёскамі, і кожная вёска была, як пахучы букет. Зямля, уся прыбраная, чыстая да таго, што на ёй немагчыма было знайсці аніводнай сувалакі пырніку, дагледжаная да таго, што яе можна было абысці босаму, нідзе не парэзаўшы ног, гэтая зямля дымела ад сытасці і задаволення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук.
І вось з'явілася перад вачыма Братчыка тая зямля, па якой ён хадзіў і з якой прыйшоў. Ён пазнаў некаторыя старыя будынкі, старанна дагледжаныя, непарушна захаваныя людзьмі.
|< Пред. 562 563 564 565 566 След. >|