Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 571 из 594

А бліжэй шалеў ад захаплення, галасіў і ляпаў па плячах то чалавека, то манаха, нібы збіты са сваіх хлябоў, хлебнік.

— Распні яго! Распні! — Ён пляваў уніз. — Тфу на цябе! Тфу! Сабака! Ерэсіярх! У пекла пойдзеш, а я да Пана Бога. Тфу! Распні! Распні!

Чалавек крэкнуў, нагнуўся, нібыта каб паправіць рэмень поршня. І раптам жалезнай хваткай схапіў хлебніка за ногі, ірвануў і перакуліў цераз парапет. Хлебнік з крыкам паляцеў уніз.

— Бач ты, як ён да Бога спяшаецца, — сказаў чалавек, з пагрозай гледзячы на манаха.

Але манах глядзеў не на яго, а на тое, як хлебнік грукнуўся аб зямлю, як падскочыла і пакацілася ўніз па схіле, стукаючыся аб камяні, ягонае цела, як яно нерухома ўпала на дарогу амаль ля Хрыстовых ног.

Хрыстос пераступіў цераз труп.

І тады манах высунуў з-пад плашча кісці рук. Рукі былі залатыя.

— Фама, — сказаў ён чалавеку з завязанай галавою. — Брат. Ты жывы?

— Вус, — голас Фамоў сарваўся. — І ты жывы? Гора якое. Ты нашто тут?

— Ды вось… можа, хаця цела ад ганьбавання ўратую.Фама абняў яго. Рукі ягоныя калаціліся.

— Браце… Мілы… Пачакай… Мы двох… У мяне сілы ў сто разоў прыбыло. Мы яшчэ ім справім нештачка.

У натоўпе між тым нехта спытаў:

— Чаго гэта там крык?

— Ды вось, з вежы нехта зваліўся. Цікаўнасць усё.

— А-а.

Братчык стаў. Яго паспрабавалі былі падганяць бізунамі, але ён не рухаўся, глядзеў назад, на працэсію, якая цяпер была ўся як на далоні.

— Ты што? — вызверыўся вартавы.

— Змоўч, нікчэмнасць. Бач, які ў мяне эскорт ганаровы. — Ён цяжка дыхаў, але гаварыў з'едліва.

|< Пред. 569 570 571 572 573 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]