Страница:
576 из 594
Крычаў, наддзіраючыся, так, што глотка раздзімалася ад крыку,звераваты Іллюк:
— Распні!
Крычаў і не бачыў, што зусім побач з ім — непрыкметны шэры чалавек у світцы з доўгімі рукавамі. Глядзіць цьмянымі, нібыта невідушчымі, вачыма то на расстрыгу, то на Хрыста.
Шэры толькі што прыйшоў у Гародню. Хаваўся ад гневу Іллюка і святой службы, бо не выканаў даручэння. Але, дачуўшыся аб пакаранні смерцю, не вытрымаў, прыйшоў. Цяпер яму было невымоўна брыдка. Ажывалі ў яго фанатычнай цёмнай душы нейкія вобразы, успаміны, параўнанні. Вось крычыць той, хто калісьці абыякава паслаў яго на смерць, і вось вядуць чалавека, якога не ўзяў ікол і які дараваў яму замах на сваё жыццё. Брыда гэта ўсё.
Шэры слухаў. Непадалёку ад яго ціха гаварылі мужчына — відаць па ўсім, іудзей — і жанчына. Пераапранутыя, але ён пазнаў іх. Яны тады былі з гэтым. Яму зусім не хацелася іх выдаваць.
— А я думаў — самы вялікі шум, гэты калі ў Слоніме размяркоўваюць даход кагала. — Вочы Раввуні падазрона блішчалі.
— Маўчы, мілы.
— Я-та маўчу. Я крычу тым, што маўчу.
Голас быў такі, што шэры зморшчыўся, паглядзеў на іх, на чалавека з крыжам, на Іллюка, які крычаў. І раптам усміхнуўся. Так, як тады, каля царквы, зайшоў бокам і на хвіліну прыліпнуў да расстрыгі. Рука непрыкметна слізганула ўгору.
І тут жа шэры пайшоў далей.
Яшчэ некалькі хвілін ніхто нічога не заўважаў. І толькі потым убачылі суседзі закінутую галаву і ашклянелыя вочы прарока.
Пасля ён упаў на спіну.
Шэры наводдаль задаволена хмыкнуў.
|< Пред. 574 575 576 577 578 След. >|