Страница:
574 из 594
Каваль прыжмуранымі вачыма агледзеў усё поле дзеяння і сваіх людзей на ім, уздыхнуў і пайшоў да эшафота. Праціснуўся да дваіх францысканцаў (гэта былі Марка і Кляонік), паціснуў ім локці.
— Гатова. Будзем чакаць. Іуда з Анеяй дзе?
— Унь, — сказаў Марка.
— Ведаюць месца, дзе сыдземся?
— Ведаюць, — сказаў Кляонік. — Хутар Фаўстыны.
— Добра. Трымайцеся цвёрда, сябры.
…Чалавек з крыжам з'явіўся ў замкавай браме. І тут ужо не крык, а нясцерпны галас скалануў паветра. У замкавым двары, дзе можна будзе ўбачыць увесь каразн, з пачатку да канца, сабраліся найбольш знакамітыя, паважныя і багатыя.
— Распні яго! Распні!
Варта ледзь стрымлівала дрэўцамі гізаўраў натоўп, які лез, дзёрся, пляваў, віснуў, імкнучыся дацягнуцца і ўдарыць. І ў гэтым рыку зусім не чуваць было, як ціха плакалі людзі каля муроў.
Чулі гэта нямногія. У прыватнасці Кашпар Бекеш і Альбін-Рагвал-Алёйза Крыштофіч, якія стаялі на выступе кантрфорса, каля замкавага палаца. Бекеш нібы трохі пасталеў. Усё той самы меч у залатых піхвах, тая самая вытанчаная прыгажосць вопраткі, тая ж усмешка. Тыя самыя сонечна-залатыя валасы падаюць з-пад берэта. Але ў вялізных вачах, побач з трохі пагардлівай памяркоўнасцю — сталае, цяжкае разуменне.
— Разгул цёмных страсцей, — сказаў Крыштофіч.
— Усё трэба бачыць на свае вочы. Нават самазванцаў.
— Сядзеў бы лепей дома, канчаў свае «Разважанні аб розуме». Цудоўная можа быць кніга.
— Хачу бачыць. Нават пекла хацеў бы бачыць.
|< Пред. 572 573 574 575 576 След. >|