Страница:
58 из 594
— Тыя самыя крыжакі, што… атрутай ваююць. Нібыта ніхто добра нічога не ведае, але ёсць.
— А я б такіх молатам вось гэтым, — сказаў Вястун. — Каб галава ў жывот юкнула і праз пуп глядзела.
— І вось, калі праўду кажуць, могуць яны забрацца не толькі сюды, а і ў пекла. А калі сюды забраліся — неадменна Басяцкі з іх. Ты зірні ў вочы. Плоскія. Зялёныя… Змей. Так і чакаеш, што адкрые рот, а адтуль замест языка — травінка-джала.
— Можа быць, — сказаў Марка. — Усё можа быць.
— Ды нашто ім сюды? — спытаў Турай. — Тут у нас ціха.
Вус развёў залатымі рукамі.
— Маўчы ўжо… ціха, — сказаў ён.
— Няма ў нас цішыні, хлопцы, — сказаў Кляонік. — Бязвер'е ў нас з'явілася. Гэта больш страшна для іх, чым цюрынгійскія бунтаўшчыкі. Тыя, хаця ў Бога вераць.
— А ты верыш? — з'едліва спытаў Турай.
— Мая справа. Як твая вера — твая, а ягоная — яго… Ну, магу сказаць: веру ў Бога-духа, агульнага для ўсіх. Твары розныя, а Ён адзін. І няма чаго за розныя лічыны Божыя спрачацца і рэзаць адзін аднаго.
— Ты ж каталік? — спытаў Турай.
— Для мяне самая зручная вера. Я разьбяр. Ніхто іншы разьблёных багоў не прызнае. І таму я каталік… пакуль рэжуць жывых людзей з дрэва… і да таго часу, калі стануць… як дрэва… рэзаць жывых людзей.
Яму было цяжка і страшна выказваць гэтыя свае новыя думкі. Турай кінуўся на калені.
— Ерэтык ты, а не каталік!
— Ану, сядай. — Каваль паклаў руку на галаву мечніку і з сілаю пасадзіў. — Таксама яшчэ… айцец царквы.
|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|