Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 60 из 594

Нешта такое (толькі з верай Божай) Гус казаў і Пракоп— як на іх кінуліся?! Крывёй залілі. А цяпер праўда зноў усплыла. У нас. Цёплая. А на цёплае вужакі і змеі паўзуць. То няўжо, думаеце, на нас яны не кінуцца?! І з мячом многія адкрыта кінуцца, і тыя, падземныя, з атрутай. Таму я і кажу: цёмнае ідзе, кроў ідзе, меч ідзе, атрута ідзе.

— Кінь, — сказаў легкаважны Марка. — Не папусціць Бог.

— Які? Твой? Мой? Іхні?

— Адзіны ёсць Бог. Праўду кажаш, — сказаў Вястун.

— Які?

— Наш. Мужыцкі.

— Дужа ён вам з хлебам дапамог, — сказаў Зянон. — А ёсць жа хлеб. Ува ўсіх гэтых ёсць. А Богу нібыта і няма да нас нічога. Як вы мне памаглі, то памог тады і ён.

— А мы і яму… паможам, — засмяяўся Кірык.

— Чым? — злосна сказаў Дудар. — Чым ты іх трахнеш? Адным гэтым сваім молатам? Сапраўды, разбалбаталіся аб тым, што калі яшчэ будзе. Лепей падумайце, як вы зіму пражывяце.

— Вось голад і закрычыць, — сказаў Вястун.

— Гэ! Хай сабе крычыць, — сказаў Турай. — Галавы ў яго няма. Іконы ў яго няма. А нашы людцы звыкнулі скопам толькі за цудатворнай.

— Пане Божа, — уздыхнуў Зянон. — Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш, мужыцкі Хрыстос з'явіўся.

— Чакай, — сказаў Кляонік. — Яшчэ столькі чакай.

— То, можа, без яго? — іранічна спытаў Вястун.

Людзі сядзелі моўчкі. Грубаватыя твары трохі маршчыніліся ад не вельмі звыклых думак. Нікому не хацелася першаму кінуць слова.

Сказаў яго Зянон. Яму дагэтуль было нязручна.

|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]