Страница:
67 из 594
Пад вагою Акілы крыж склаўся напалам (так яго было зручнейперавозіць у фургоне: складны, з прыступачкай для ног, з надпісам «ІNRІ», які толькі што так велічна аблямоўваў Акілаву галаву). Крыж склаўся, і пад ім, паказваючы небу зад, стаяў вялізнай перавернутай іжыцай Акіла Кіёвы, няўдалы Езус.
— Хлопцы, гэта што ж? — спытаў нехта. — Што ж гэта, у Госпада Бога нашага зад быў? Ану, спытаем у гэтых.
— Ерэтыкі!
Ратуючы становішча, Юрась скочыў на лёгкіх крылах уніз. Апусціўся на памост. І тут закрычаў адзін з вандроўных гандляроў:
— Гэты! Гэты! Ён на агнявым зміі спусціўся! Хапаць яго загадана! Гэта сатана!
Паветра раздзёр свіст. Натоўп прыйшоў у рух і пачаў насоўвацца на памост… Анёл ліхаманкава аддзіраў ад памоста крыж. Распяты разбойнік разам з крыжам кінуўся ў фургон. Але ў паветры ўжо замільгалі гнілая рэпа, цыбуля і іншае. Коні рванулі з месца, кінуўшы людзей.
…Яны ўцякалі палявой дарогаю з усіх сіл, таму што ззаду, не дужа даганяючы, але і не адстаючы, з гікам беглі ганіцелі.
Паперадзе ўсіх ляцеў легкакрылы анёл. Твар у яго быў адухоўлены. Залацістыя — свае — валасы луналі па ветры. Віўся хітон, адкрываючы голыя лыткі.
За анёлам ляцеў звар'яцелы фургон. Коні ўскідвалі ашчэраныя храпы, імкнуліся з усёй сілы і ўсё ж не маглі дагнаць Братчыка. У фургоне бразгатала зброя і рэшткі рэквізіту.
За фургонам лупіў на апошніх жылах ягоны гаспадар, лысы Мірон Жарнакрут, а побач з ім задыхаўся пад цяжарам крыжа «распяты разбойнік» Шалфейчык.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|