Страница:
66 из 594
Не чэрці гэта — эфіопы. Сажай яны намазаліся.
— Брашы! — крыкнуў нехта.
— Праўду кажу. Зваць іх Сіла і Ладысь Гарнцы.
— Хрыста нашто крыжуеце?!
— І ён не Хрыстос. Знарок ён гэта. Дрывасек ён былы. Зваць яго Акіла Кіёвы.
— Ну, глядзі, — трохі супакоіўся натоўп.
Эфіопы цягнулі Акілу-Хрыста да крыжа. Акіла пручаўся. І ясна было, што Гарнцам не пад сілу весці яго.
— Чуў? — спытаў адзін гандляр у другога. — Голас гэтага, крылатага, чуў? Голас той самы.
— Не можаць гэ… Праўда твая, браце. Той самы голас.
Натоўп весела рагатаў, сочачы, як лётаюць эфіопы вакол Хрыста.
— Дай ім, дай!
Акіла круціў рукамі, напінаўся, але ўсё ж ішоў наперад. Урэшце мурыны, скрыгочучы зубамі, узвалаклі яго на крыж.
— Ану, прыбівайце, каб не сышоў! — рыкаў Пілат.
І толькі тут сёй-той у натоўпе зразумеў: гэта табе не жартачкі. Крычалі-крычалі, а тут, бач ты, Бога распінаюць.
— Хлопцы, — спытаў легкаверны голас, — гэта што ж?
— Бог… Амаль голы.
— Адзенне дзеляць.
Анёл пачаў шаптаць таму, хто стаяў ніжэй яго:
— Скажы Аўтуху і Лявону, хай не дзеляць.
«Салдаты» не зважалі на шэпт. Дзялілі са смакам і з веданнем справы. Над натоўпам вісеў размераны — як па труне — грукат малатка.
Акіла на крыжы закінуў галаву, закаціў вочы і выпусціў дух. Эфіопы адступілі, каб з выглядам мастакоў палюбавацца сваёю працай. І тут здарылася непапраўнае.
|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|