Страница:
65 из 594
Гледачы, хто баяўся, а хто і шаптаў. Шапталі двух у адзеннях вандроўных гандляроў. Сядзелі яны збоку, адкуль відаць было анёла на дубе.
— Ведаеш, што мне здаецца? — спытаў адзін.
— Ну?
— Гэты, на дубе… Каплан з Ванячэ загадваў яго шукаць. Гэта, па-мойму, той, што на агнявым змеі зляцеў. Мы яшчэ яго перастрэлі ў пушчы. Спаў на гарачай зямлі.
— Быць не можа гэтага, — флегматычна адказаў другі.
— Я табе кажу. Глядзі, твар які смешны. У людзей часта ты такія бачыў? Зноў жа, крылы.
— Не можаць гэтага быць.
— Знакі нябесныя забыў? Чаго ён на праклятым месцы спаў? Чаго казаў, што ніякіх д'яблаў не баіцца? І запомні… і каплан, і магнат наш яго шукаць загадалі. Паліць такіх трэба. Сатана гэта.
— Быць гэ-та-га не можа.
— Глядзі, і корд той самы.
— Гэтага не можаць быць.
У гэты час у натоўпе раздаўся ўздых жаху. На сцэну з фургона вываліліся два эфіопы. Адзін быў здаровы, як халера, другі тонкі і вельмі жанчынападобны. Але абодва былі чорныя, як дзеці самога сатаны. Дошкі прагіналіся пад іхнімі нагамі, бо яны цягнулі пад рукі чалавека з пароды тых, пад якімі падаюць у непрытомнасці коні. На чалавеку быў залацісты парык, а з-пад яго глядзела тупая, але даволі дабрадушная морда.
Натоўп узвыў ад жаху.
— Чэрці! — крычаў нехта.
І тут з дуба раздаўся анёльскай прыгажосці голас. Быў ён мяккі, гучны і моцны. Гэта, схаваўшыся за ствол, каб не заўважылі, гаварыў чалавек з крыламі.
— Ціха вы.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|