Страница:
85 из 594
З-за адчыненага акенца аднаго з дамоў зазвінеў раптам дзіцячы галасок:
— Матуля, яны што? Ма, яны не ўмеюць? Мамця, яны нядаўна з карачак усталі?
І адказаў стомлены жаночы голас:
— Для хлеба, як, скажам, твая сучка, чаго не зробіць, сынок. Яны — з карачак усталі. Свіння — на каня ўссела.
Натоўп зарагатаў. Ганец наліўся барваю, пачаў гарачыць каня, пусціў яго на людзей. Але тыя ўсё яшчэ смяяліся. І тады ганец злосна кінуў:
— Не чулі, думаеце, як вы прышэсце Хрыстова клікалі? У нас паўсюль вушы, мякінныя вы галовы. Так вось, ні села ні пала, Хрыста захацелі. Ды вам больш патрэбныя карчма, нагайка ды турмы для зладзеяў. А «Хрыста» вашага зараз — порсь!
Правёў рабром далоні па глотцы. Зноў узняў каня, павярнуў, пусціў наўскапыт.
І дарэмна. Таму што пасля ягоных слоў над людскім скопішчам павіснула прыгаломшаная цішыня. Цяжка, відаць, варочаліся думкі за зблытанымі валасамі, што звісалі на лбы. Але затое гэтыя думкі былі падобныя.
— Хлопцы, — раптам падаў нехта голас, — гэта ж ён чаго такога сказаў?
Вястун абвёў вачыма Ростань. Сям-там моўчкі стаялі купкі рамеснікаў. Багатыя збольшага разышліся: няма чаго было тут рабіць.
У каваля асекся голас, калі ён ціха сказаў:
— Хрыста?
— Па ката паехаў ганец, — змрочна сказаў Гіаў Турай.
Навісла маўчанне.
— Слухайце, — сказаў раптам Зянон, — а мо і сапраўды Хрыста? Можа, гэта яны Хрыста ўзялі?
Вус разглядаў залатыя далоні, нібы ўпершыню іх бачыў.
|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|