Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 97 из 594

І ад гэтага рабілася непамысна, бо адразу ўспаміналася, што кат мае права на адну рэч з канфіскаванага абсталявання асуджанага (астатняе забіралі суддзі і следчыя, аддаючы сёе-тое даносчыку).

Халупа, відаць, была ўкапана ў схіл яра, таму што, вельмі малая знадворку, яна мела працяг: вялікае зусім цёмнае памяшканне, падобнае на пуню. Памяшканне было аддзелена ад першага пакоя завесай з аблезлых шкур.

— Чаму не прыйшоў Пархвер? — спытаў той жа самы ясны голас. — Па мяне заўсёды прыходзіць Пархвер.

— Сёння яму не да таго, — сказаў у цемру ганец.

— Як гэта не да таго? Ён што, не мог мне выказаць павагу? Ён што, не ведае, хто я?

— А што ён павінен ведаць?

— А тое, што з высокіх людзей толькі шчаслівы пазбягае маіх рук. Як і д'яблавых лап. І таму са мной трэба сябраваць. Як трэба мець, на ўсякі выпадак, прыяцеляў і ў пекле.

— Важная справа, гаспадар.

— Ну, добра.

Вочы ўрэшце прыстасаваліся да цемры. Толькі верх шафы безнадзейна губляўся ў ёй, і таямічай істоты нельга было разгледзець. Але астатняе было відаць.

Кат сядзеў ля ложка на падлозе і складаў з пруткоў нешта дзівотнае, з крыламі.

— Зараз, — сказаў ён. — Дамайструю вось толькі, і паскачам.

Быў ён шырокі ў плячах, руках і клубах, але нейкі млявы і нібыта нават спешчаны. Аблічча шырокае. Бровы чорныя. Жорсткія мускулы ля рота. І дзіўна было бачыць у невялікіх вачах адценне нейкай дзіўнай меланхоліі, а ў беспярэчных складках ля рота — іронію і расчараванне.

— Гэта чаго?

— Я, братка, вынаходца.

— А гэта нашто? Клетка?

— Угу, — сказала з шафы невядомая істота.

|< Пред. 95 96 97 98 99 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]