Страница:
95 из 594
Фларыян Басяцкі глядзеў на начоўкі:
— Нашто ж гэта вам пэцкацца па дробязях? Улады і сілы над гэтымі мясцінамі ў вас хапае.
І раптам зразумеў. Сказаў з бацькоўскай усмешкай:
— А-а, разумею, спроба перад вялікімі справамі…
— Ал-ле.
Войт пайшоў за мніхам. На імгненне затрымаўся ў дзвярах і кінуў прагны позірк на начоўкі. Там, на паверхні вады, нікога ўжо не было.
Роўнядзь.
РАЗДЗЕЛ VІІІ КАТ
Ад першых людзей мая праца ідзе,
Старая яна, як рай.
Бог караў выгнаннем першых людзей,
Каін Авеля смерцю караў.
Нат Цара — калі трон свой няўчасна ўкрадзе -
На плаху валочыць кат.
І, значыць, галоўны — кат між людзей,
І, значыцда, кат — прымат.
Сярэдневяковая лацінская эпіграма
За апошняю з Гародзенскіх слабод, у глыбокім вільготным яры, наводдаль ад усялякага жытла, прыткнулася ля крыніцы халупа пад дзярновай страхой.
Ганец скочыў з каня, штурхнуў скалочаныя з аполкаў дзверы і спыніўся: так раптоўна, пасля сонечнага святла, цемра ўкрала вочы.
Некаторы час ён стаяў, нібыта сляпы, потым убачыў акенца, сноп святла, у якім курыўся дым, і высока над сваёю галавой — дзве пары зялёных вачэй.
Вочы на хвіліну зніклі, потым нешта мякка ўдарылася аб падлогу, і вочы загарэліся ўжо каля зямлі. Наблізіліся. Нешта мякка пацёрлася аб ганцову нагу. Ён закалаціўся ад мярзоты.
— Агысь, — кінуў ён безасабовы выгук, таму што не ведаў, якую істоту ён гоніць.
|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|