Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
12 из 41
Ну а ўвосень трыццаць дзевятага, адслужыўшы прызначаны тэрмiн, пачаў рыхтавацца да дому: цiшком сушыў сухары, прыхаваў на гарышчы стайнi чатыры кавалкi цукру, але акурат тым часам фiнская ваеншчына ўсчала правакацыi на гранiцы й пэўнай начы iхны полк узьнялi па трывозе. Станцыя Iдрыца - маленькая, хаця й вузлавая, - за ўсю сваю гiсторыю ня бачыла такога вэрхалу, якi панаваў у тую ноч... Цягам некалькiх гадзiнаў чырвонаармейцы ўсьпёрлi на пляцформы цяжкiя гарматы, загналi ў цяплушкi коней, загрузiлi фураж i на трох эшалёнах выехалi ў накiрунку Пскова.
У вапошнiм вагоне "конскага" эшалёну выправiўся ў далёкi сьвет i чырвонаармеец Яўхiм. Цэлыя суткi ляжаў ён на мяхах з аўсом, пацепваўся ад халадэчы i сумнымi вачыма глядзеў на пралом у даху старога пульмана.
У праломе шарэла асьлiзлае неба, дрыжэлi цьмяныя зоркi, гарэла ранiшняя палымнiца, чорны паравозны дым засьцiў халодную чырвань, i душа Яўхiмава не знаходзiла сабе месца ў стылай грудзiне. Яна, душа, трымцела ў чаканьнi невядомага, прагла вырвацца вонкi, i вось, дзесьцi пад Ленiнградам, калi Яўхiм канчаткова зьмерз i ад халадэчы пачаў трызьнiць, душа ягоная пакiнула грудзiну, сiганула ў пралом i паляцела разам з барвова-чырвоным дымам назад у Iдрыцу. Яўхiм убачыў хвост цягнiка, убачыў нейкую асьнежаную станцыю, доўгi шыхт пакгаўзаў i салодкае здранцьвеньне - падобнае на тое, якое ён зьведваў у дзяцiнстве, калi мацi перабiрала пальцамi ягоныя валасы на макаўцы, -да краю напоўнiла разьняволеную душу.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|