Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
2 из 41
Забiлi, вiдаць, трактарыста... Ехаў самапасам, пакуль на дрэва ня ўзьбiўся", - з гэтымi думкамi ён яшчэ раз агледзеў узьлесьсе i, стаўшы вокрач, папоўз да трактара.
Поўз доўга, да поўнай змогi, нават не падымаючы вачэй i спынiўся толькi тады, як стукнуўся галавой аб заiнелую трактарную гусенiцу.
Над трактарам, над тым месцам, дзе павiнен сядзець трактарыст, высiлася паветка, на якой ляжала вялiзная гурба сьнегу. Гурба мела даволi дзiўную форму - нагадвала ўзьбiтую падушку, таму вочы мiжволi затрымалiся на сьнежных пукатасьцях, а калi ён, нарэшце, зiрнуў долу, дык убачыў Мiкiту Пустасьвята мэханiка iхнага палка. Так! Таго самага Пустасьвята, якi ўвосень скраў з палкавой стайнi казённы хамут i якi, як казалi, падчас калектывiзацыi забiў свайго бацьку-падкулачнiка. Галава Мiкiтава была пакрытая iнеем, а шырока расплюшчаныя вочы з жахам i зьдзiўленьнем пазiралi на трактарныя вагары.
Улякнуты, ён ступiў колькi крокаў назад, натыкнуўся на штосьцi жалезнае i, плюхаючыся азадкам у сьнег, здагадаўся: наляцеў на санi. Па хрыбцiне казытлiва зьбягалi кроплi халоднага поту. Давялося зварухнуцца, напяць кашулю, а потым павярнуцца, адчуўшы непрыемны сьверб ля лапаткi. За сьпiнаю тырчэла, кранаючыся шыняля, кашчавая рука з паабгрызанымi пальцамi.
Ён адхiнуўся, капнуў пры гэтым сьнег i пад азалелай рукавiцай агалiлася шчака са знаёмай радзiмкай i клок рудых валасоў.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|