Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
3 из 41
Твар нябожчыка быў страшэнна зьнявечаны: ваўкi, а мо й лiсы адгрызьлi нос, ад'елi верхнюю губу, але ён пазнаў свайго камандзёра i, правёўшы рукавом па заiнелых пятлiцах, з халодным спакоем убачыў палкоўнiцкiя "шпалы".
Дзесьцi ўдалечынi стамлёна й цьмяна бухнула гаўбiца i з трактарнай паветкi ценькiм раўчуком пасыпаўся сьнег.
"Фiнская!" - апалiла сьвядомасьць трывожная думка; ён разьмежыў зьлiплыя ад марозу павекi й панурыўся ў цёплую цемру роднае хаты.
Сэрца бiлася так, як нiколi дагэтуль: сэрца захлыналася гарачай крывёй, гатовае было вырвацца з грудзiны, i Яўхiм падумаў было, што памiрае, ды нечакана ў горле штосьцi булькнула, сэрца сунялася, зрабiлася як лядзяк халодным, i ён, глынуўшы паветра, перавёў дых.
На кухнi тахкалi ходзiкi, пад бокам сапла Агата, i да гэтых суладных гукаў далучаўся яшчэ адзiн, глухi i няўцямны, якi далятаў знадворку. Гэта бiўся рагамi ў сьценку хлява баран Мiкiта.
"Так i памерцi можна", - падумаў Яўхiм, кульнуўся на бок i прыцiснуўся схаладнелай грудзiнай да цёплай жончынай сьпiны.
Вось ужо каторым разам яму прысьнiўся той сонечны марозны дзень, калi ён поўзаў па зьнямелых палях, выцягваючы са сьнежных магiл на дарогу скарчанелыя трупы. Сон гэты яму сьнiўся амаль кожнае начы, i кожную ноч ён боўтаўся ў пульхнатым сьнезе, мружыўся на зыркае сонца, крычаў штосьцi сваiм таварышам, якiя засталiся на дарозе.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|