Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
24 из 41
Пад крайняю паветкай сядзелi тры спавiтыя ў цёплыя хусткi кабеты: ля першай зь iх стаяў, цьмяна блiскаючы бакамi, вялiзны алюмiневы бiдон, перад другой ляжала пiрамiдка цыбулiн - кабецiна, вiдаць, чакала п'янтосаў, - а перад трэцяй ляжалi - хвастамi ўгору - два прывялыя буракi.
Уадначас з Яўхiмам да паветкi падышла цыбатая цётухна, якая, утаропiўшыся на прывялыя буракi, пагрозьлiва запытала: - Пачом ваша свiкла?
- Дваццаць капеек, - азвалася кабецiна, лускаючы двума ацалелымi зубамi гарбузовыя семкi.
- А пашалелi людзi, - гукнула цыба, зыркнуўшы на Яўхiма, - дваццаць капеек за бурак!
Сказаўшы так, цыба ўтаропiлася на алюмiневы бiдон, у гэты момант да яе падбег лядашчы сабака i цётка, замахнуўшыся на сабаку пустой сумкай, прасiпела:
- Кыш, паскуда!
Адчуваючы сваю далучанасьць да ўсёй гэтай дзеi, Яўхiм муляўся, ня ведаючы як сысьцi з базару i, нарэшце, у той момант, калi цыба счапiлася з уладальнiцай бiдону i ўжо ня кiдала на яго ястрабiных паглядаў, спачатку паволi, прыстаўным крокам, а потым, як ветрам гнаны, кiнуўся да выхаду. Мiнаючы арку, ён скасiў вока на хахлушку, а пачуўшы за сьпiнаю лаянку цыбатай бабы ды сабачае скавытаньне, увабраў голаў у плечы й выцер рукавом узмакрэлую лабацiну.
Да вакзалу шыбаваў як мае быць - баяўся спазьнiцца на "дызель", а калi ўлез у вагон, абамлеў. Сэрца палезла вонкi й захрасла ў горле, уваччу замiтусiлiся чорныя мятлушкi, увушшу зазьвiнела й сьвет перакулiўся потырч нагамi. Яго падхапiлi, зьнялi з мокрай галавы шапку, пасадзiлi на лаву...
|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|