Зимовыя сны (на белорусском языке)   ::   Мудров Винцесь

Страница: 23 из 41

Хадзiлi нават чуткi, што гандлёвы майдан будуць некуды пераносiць, бо людзкая гамана ды парсючыны вiскат замiналi рабоце ваенкамату, якi месьцiўся непадалёку, аднак апошнiм часам базар заняпаў. Сяляне цяпер калi й ехалi ў горад, дык не дзеля таго, каб штосьцi прадаць, а каб купiць якiх харчоў; парсюкоў сталi прадаваць ля аўтастанцыi, а апусьцелыя гандлёвыя рады апанавалi азярышчанскiя п'янтосы. Балазе, крама была побач, а закуску - вялiзную карэйскую цыбулю - iм давалi ўвiшныя базарныя бабулi, забiраючы ўзамен пустыя пляшкi.

Прымацаваны да шэрай сьцяны ваенкамата гадзiньнiк паказваў палову дзесятай. Гарэлачная крама яшчэ не працавала й базар уражваў сваёй пустэльнасьцю: адно ля крайняй паветкi стаяла некалькi чалавек.

Яўхiм спынiўся пад аркаю з надпiсам "Колхозный рынок", маракуючы - цi iсьцi да таго збою, цi адразу рушыць на вакзал i ў гэты момант да ног ягоных падбег лядашчы сабака. Сабака задраў пысу, адчуўшы, вiдаць, пах сала i зычны голас, што прагучаў непадалёку, прыцiснуў цюцьку да зямлi.

- Сэмэчкi! Сэмэчкi бэрытэ! - гракнулi за калонаю, на якой мацавалася арка i яшчэ празь iмгненьне перад Яўхiмавымi вачыма паўстала дзябёлая баба ў зрэбнай ватоўцы. Ад таго ляманту ў Яўхiма зварухнулiся рэшткi валасоў пад шапкай, а цюцька, сагнуўшыся склюдам, незадаволена брахнуў.

- Ну, шчо трэсэш яйцамы? - азвалася на тое хахлушка, тупнула кiрзачом i дарэшты пакрыўджаны цюцька пабег, падкурчыўшы хвост, па базарным пляцы.

...

|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]