Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
13 из 45
Мы не адразу змецiлi, што яны размаўляюць рукамi, а калi заўважылi, дык праз хвiлiну ўжо былi перакананыя:гэта - закаханыя. I нашы з табой рукi любiлi пагаварыць на сваёй мове, але iх лексiчны запас здаваўся нам вялiкiм толькi да таго вечара.
Сапраўды, твары зараз захiнутыя ад мяне туманам, а вось рукi... рукi я гатовы намаляваць: яго вузкую далонь з выцягнутымi пальцамi, кожны з якiх быццам бы меў на фалангу болей, i яе маленькую авальную далоньку з карантышкам-мезенцам. Гэтыя рукi выпраменьвалi такую пяшчоту, што хацелася адвесцi позiрк - нiбы падглядваеш за нечым iнтымным, прызначаным для дваiх.
Мы крыху паспрачалiся на тэму: як яны клiчуць адно аднаго па iменi i як калi мы завём iх глуханямымi - называюць нас, тых, у каго слых i мова ў парадку. У мяне блiснула iдэя ўзяць нататнiк i асадку i пазнаёмiцца з навiчкамi: напiсаць, што яны нам спадабалiся, даведацца iмёны, потым запытацца яшчэ што-небудзь, напрыклад, на якой мове яны гавораць сваiмi чуйнымi рукамi i цi iснуе наогул такi панятак, як "глуханямая" беларуская мова.
А тым часам музычныя пальцы нашэптвалi штосьцi такое, ад чаго профiль у жанчыны быў злёгку падведзены чырванню. Яе твар развiтаўся з уяўнай вульгарнасцю, стаўшы не менш адухоўленым, чым у яе спадарожнiка, i я адчуў усю злачынную недарэчнасць свайго намеру пранiкнуць у iхнi свет з дапамогаю адмычкi зашмальцаваных будзённасцю фразаў.
Ты выказала здагадку, што слова "кахаю" ў мове, на якой яны гавораць, вынайшаў самы закаханы глуханямы.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|