Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
3 из 45
Потым мы адновiм дрогкi кутавы столiк i брунатную, чыста выцертую стойку ў процiлеглым канцы маленькае, усяго на пяць столiкаў, залi. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, i ягоная круглявенькая здобная памочнiца; яны няблага разумелi па-беларуску, прынамсi, ведалi, што такое кiлiшак, i нiколi не блыталi каву з какавай.
У той дзень, калi я не здолеў прыдумаць табе бiяграфii...
Так, гэта ўжо за межамi нашае дамовы, але, пагадзiся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлi каля вакна i не казала, што трох пляшак белага сухога вiна якраз дастаткова - не дзвюх i не чатырох, а мяноўна трох.
Значыцца, ты згодная: зробiм выключэнне. Я маю на ўвазе не вiно, а гiсторыю нашага знаёмства. Праўдзiвей - ягоную тэхналогiю.
Ты не забыла, мы пазнаёмiлiся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя бiяграфii. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былi жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзiлi ўяўленне, а, па-другое, самi абставiны, калi без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралi падтэкст зваблiвай шматварыянтнасцi.
Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе цi вагоне метро мой позiрк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбiраў жанчыну або дзяўчыну зусiм неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механiзм пачынаў бесперабойна дзейнiчаць, i праз хвiлiну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесiя, муж, дзецi.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|