Genius loci (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
35 из 45
Здаралася, мы прысвячалi ўспамiнам цэлыя вечары, даведваючыся тое, што магло прагучаць толькi там, за столiкам пад восеньскiм краявiдам, дзе была вiдавочна парушаная перспектыва, затое мастаку ўдалося схапiць момант, калi з нiзкiх хмараў вось-вось пасыплецца снег, што рабiла наш куток яшчэ больш прытульным.
Там ты ўведала пра маё першае мужчынскае пачуццё да аднакласнiцы Iры.
Я вучыўся ў другiм класе, часта хварэў i тыднямi сядзеў дома, марачы, што ўлетку мая абраннiца патоне ў возеры, а я выцягну яе i, зрабiўшы штучнае дыханне, ажыўлю. На гарадскiм пляжы стаялi стэнды з малюнкамi, дзе тлумачылася, як гэтае дыханне трэба рабiць. Выратавальнiк удзьмуваў тапельцу паветра праз вусны, i, калi мае лятункi даходзiлi да гэтага моманту, у роце перасыхала, а сэрца так шэрхла, што я баяўся памерцi. На вырваным з вучнёўскага сшытка ў касую лiнейку аркушы я буйнымi, чамусьцi друкаванымi лiтарамi пiсаў: "Iра, я цябе кахаю", адчыняў дзверцы напаленай грубкi, кiдаў прызнанне на чырвонае ў чорных пералiвах вуголле i з невыказным салодкiм болем назiраў, як выведзеныя мною словы ператвараюцца ў попел.
З гэтай цнатлiвай згадкаю рэзка кантраставала гiсторыя з шасцiкласнiцай. Я закахаўся ў яе пасля другога курса ўнiверсiтэта. Шасцiкласнiца займалася лёгкай атлетыкай, i яе ўжо амаль сфармаваная жаночая постаць не хацела мiрыцца з сукеначкай i фартушком школьнае формы.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|